Аддзелы

Змест:


Універсальная чытальная зала

Калі Вы займаецеся навуковай, вытворчай і грамадскай дзейнасцю, Вам неабходна інфармацыя для адукацыі і рэалізацыі творчых магчымасцяў, звяртайцеся ва УНІВЕРСАЛЬНУЮ ЧЫТАЛЬНУЮ ЗАЛУ.
Гісторыя ўніверсальнай чытальнай залы пачынаецца ў ХІХ ст., калі ў 1886 годзе пры Гродзенскай публічнай бібліятэцы быў адкрыты кабінет для чытання. Да паслуг чытачоў было некалькі дзясяткаў назваў кніг і перыядычных выданняў.
За гады свайго існавання чытальная зала неаднаразова змяняла сваё месцазнаходжанне. Зараз яна займае былое памяшканне келейнага корпуса дамініканскага кляштара, які быў збудаваны ў канцы XVIII ст. па праекце італьянскага архітэктара Дж.Сака.
Універсальны па змесце фонд аддзела налічвае каля 100 тыс. экз. дакументаў. Да паслуг чытачоў – навуковая, навукова-папулярная, вучэбная літаратура па розных галінах ведаў (грамадска-палітычныя выданні, кнігі па мовазнаўстве і літаратуразнаўстве, медыцыне і спорце, мастацкая літаратура).
Больш за 30 гадоў пры ўніверсальнай чытальнай зале дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Литературные четверги”, якое прыцягвае неабыякавых, творчых людзей – аматараў кнігі. У пасяджэннях гасцёўні прымаюць удзел людзі розных узростаў і прафесій. Яны бліжэй знаёмяцца з жыццём і творчасцю паэтаў і пісьменікаў розных краін і эпох, сустракаюцца з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі Гродзеншчыны.


Аддзел абанемента

Калі чытач жадае ўзяць кнігу ці часопіс дадому, ва ўтульнай абстаноўцы правесці час за праглядам літаратуры розных жанраў, абмяняцца думкамі з іншымі наведвальнікамі бібліятэкі – да яго паслуг АДДЗЕЛ АБАНЕМЕНТА.
Аддзел абанемента – адзін са старэйшых у бібліятэцы, найбольш зручны для чытачоў і адзін з самых папулярных. Ён гасцінна прымае ўсіх, хто сюды прыходзіць: кіраўнікоў розных узроўняў, спецыялістаў усіх галін народнай гаспадаркі, студэнтаў і навучэнцаў сярэдняга звяна, рабочых, служачых, пенсіянераў і інш.
Ніводны іншы аддзел не можа пахваліцца такой разнастайнасцю літаратуры – больш за 120 тыс. кніг. Карыстальнікі знаходзяць выданні і па вучэбнай праграме, і ў дапамогу прафесійнай дзейнасці, мастацкія творы і часопісы «для душы» і адпачынку. Тут сабрана літаратура па ўсіх галінах ведаў – на любы густ. Захоўваюцца сапраўдныя літаратурныя скарбы ад «Адысеі» і «Боскай камедыі» да сучасных твораў.
Чытачы маюць магчымасць выбраць літаратуру ў адкрытым доступе на шматлікіх кніжных выставах і тэматычных паліцах, якія арганізаваны ў адпаведнасці з літаратурнымі прыхільнасцямі (“Бестселеры мастацкай літаратуры”, “Жыццё знакамітых людзей”, “Мастацтва быць здаровым”, “Дэтэктывы”, “Фантастыка” і інш.). Папулярная псіхолага-педагагічная літаратура рубрыкі “Навукова-папулярныя выданні” адказвае на шматлікія штодзённыя пытанні як пра жыццё наогул, так і пра сям’ю ў прыватнасці. Менавіта тут можна праглядзець мноства кніг і выбраць выданні на свой густ.
У апошні час кніжныя выставы трансфармуюцца ў выставы-інсталяцыі – кампазіцыі, у якіх акрамя кніг выкарыстоўваюцца разнастайныя прадметы, элементы дэкору. Кніжны рад сталі дапаўняць аксесуары, ілюстрацыі, музычнае суправаджэнне.
Супрацоўнікі аддзела праводзяць штоквартальныя прагляды новых паступленняў “Раім пазнаёміцца – лепшыя выданні для Вас”, рэгулярна папаўняюць рубрыку “Прапануем прачытаць”, рыхтуюць віртуальныя кніжныя выставы і відэаагляды.
На сённяшні дзень аддзел абанемента актыўна выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці новую форму работы з насельніцтвам па прапагандзе і папулярызацыі літаратуры – выязныя дні інфармацыі на прадпрыемствы г.Гродна. Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый ацанілі на практыцы выгадны і аператыўны сэрвіс. Кіраўнікі прадпрыемстваў таксама з задавальненнем знаёмяцца з навінкамі літаратуры, “рэкламуюць” іх сярод сваіх супрацоўнікаў.


Аддзел інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

Зарыентаваць наведвальнікаў у інфармацыйнай прасторы дапаможа АДДЗЕЛ ІНФАРМАЦЫЙНА-БІБЛІЯГРАФІЧНАЙ РАБОТЫ. Вельмі часта яго яшчэ называюць “мозгам” бібліятэкі. І гэта сапраўды так. Бібліёграфы дапамогуць знайсці адказ на любое пытанне, якое цікавіць карыстальніка. Яны парэкамендуюць неабходныя крыніцы інфармацыі, выканаюць любую даведку, дапамогуць ажыццявіць пошук інфармацыі з выкарыстаннем электроннага каталога і іншых інфармацыйных рэсурсаў і многае-многае іншае.
У аддзеле сканцэнтраваны ўнікальныя энцыклапедычныя, даведкавыя і бібліяграфічныя выданні, у тым ліку “Энциклопедический словарь Ф.А.Брокгауза и И.А.Ефрона”, даведкавая літаратура па праве, эканоміцы, філасофіі, паліталогіі, гісторыі.
З 2008 года аддзел з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскага бібліятэчнага кансорцыума LIBKARD па аналітычным роспісе дакументаў, мэта якога – сумеснае стварэнне і выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў у рэжыме online.
Значны ўклад у прававое выхаванне насельніцтва ўносіць публічны цэнтр прававой інфармацыі. Слабаабароненыя слаі насельніцтва маюць магчымасць атрымліваць бясплатныя кансультацыі юрыстаў калегіі адвакатаў Ленінскага раёна г.Гродна.
Дзякуючы доступу да віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, наведвальнікі карыстаюцца інфармацыйнымі рэсурсамі айчынных і замежных вытворцаў.
Пакуль будзе жыць кніга, бібліяграфічная інфармацыя будзе запатрабаванай, а прафесія бібліёграфа – неабходнай.


Аддзел краязнаўства

Цэнтрам краязнаўчай дзейнасці Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага з’яўляецца АДДЗЕЛ КРАЯЗНАЎСТВА.
Гісторыя стварэння аддзела пачынаецца з 1965 года, калі была ўведзена пасада бібліёграфа-краязнаўца. У 1981 г. створаны сектар беларускай і краязнаўчай літаратуры, у 1991 г. – аддзел беларускай і краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, які ў 1994 г. рэарганізаваны ў аддзел краязнаўства.
Сёння аддзел валодае найбагацейшай і найбольш поўнай калекцыяй дакументаў аб Гродзеншчыне.
У аддзеле захоўваюцца мясцовыя дакументы, незалежна ад іх зместу, мовы і формы (кнігі, брашуры, афішы, праграмы, плакаты, буклеты, календары і інш.), а таксама перыядычныя выданні: абласная газета “Гродзенская праўда” – з 1945 г., раённыя газеты – з канца 50-х гг.
Плённая работа праводзіцца ў аддзеле па стварэнні краязнаўчых інфармацыйных рэсурсаў: баз дадзеных (“Гродзенская вобласць”, “Памяць Гродзеншчыны”), бібліяграфічных паказальнікаў (“Новая літаратура аб Гродзенскай вобласці”), “Краязнаўчага календара на … год”.
Вялікая ўвага надаецца распаўсюджванню краязнаўчых ведаў: праводзяцца інфармацыйныя тыдні, літаратурна-музычныя вечарыны, гістарычныя падарожжы, конкурсы знаўцаў і г.д.
Па ініцыятыве супрацоўнікаў аддзела краязнаўства на працягу 10 гадоў у бібліятэцы праходзяць Гарадзенскія навуковыя чытанні, падчас якіх ідзе абмеркаванне праблемных пытанняў, звязаных з гісторыяй і культурай Гродна і Гарадзеншчыны, а таксама ладзяцца імпрэзы ў межах творчага праекта “Яны ўзбагацілі культуру Гродзеншчыны”.
Для асэнсавання значэння і вартасці гістарычных кнігазбораў Гродзеншчыны ў 2012 годзе ініцыявана правядзенне Шчорсаўскіх навуковых чытанняў.
Несумненна, гонарам аддзела з’ўляюцца і чытачы: навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы, настаўнікі, журналісты, студэнцкая і вучнёўская моладзь. І іх усіх аб’ядноўвае адно пачуццё – любоў да сваёй роднай зямлі.


Аддзел мастацтва

Калі Вам неабходна атрымаць інфармацыю па розных відах і жанрах мастацтва, пазнаёміцца з творчасцю мастакоў і музыкантаў, пабываць на выставе работ народных умельцаў і прыватных калекцыянераў Гродзеншчыны, наведайце
АДДЗЕЛ МАСТАЦТВА.
Аддзел мастацтва – адзін з “наймаладзейшых” структурных падраздзяленняў бібліятэкі. Ён быў арганізаваны ў 1982 г. У фондзе аддзела захоўваюцца навукова-папулярныя і вучэбныя выданні па гісторыі і тэорыі сусветнага мастацтва, энцыклапедыі, даведнікі, манаграфіі, альбомы, цікавыя і змястоўныя перыядычныя выданні.
Да паслуг наведвальнікаў – фонд нотных выданняў (багатая музычная калекцыя твораў айчынных і замежных кампазітараў-класікаў і сучаснікаў, клавіры, партытуры, рэпертуарныя і тэматычныя зборнікі, спеўнікі, ноты для ігры на разнастайных музычных інструментах і многае іншае).
Сапраўдным скарбам фонду з’яўляецца медыятэка, якая ўключае гуказапісы на розных відах носьбітаў: кампакт-дысках, аўдыякасетах і грампласцінках. Асаблівую цікавасць уяўляюць дакументальныя запісы выступленняў вядомых палітычных дзеячаў, вучоных, касманаўтаў, а таксама літаратурных і тэатральных пастановак з галасамі знакамітых паэтаў, пісьменнікаў і артыстаў.
Фонд выяўленчых матэрыялаў – гэта каштоўныя мастацкія альбомы, плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі, фотаматэрыялы.
Супрацоўнікі аддзела ажыццяўляюць алічбоўку музычных запісаў.
Паслугамі аддзела мастацтва карыстаюцца часцей за ўсё людзі творчых прафесій: артысты і рэжысёры, жывапісцы і скульптары, выкладчыкі і студэнты.


Аддзел перыядычных выданняў

Найбольш актуальная, аператыўная інфармацыя пра навуковыя ідэі, сучасныя дасягненні чалавецтва адлюстроўваецца ў газетах і часопісах. Да паслуг карыстальнікаў – АДДЗЕЛ ПЕРЫЯДЫЧНЫХ ВЫДАННЯЎ. Яго фонд – гэта 65 тыс. экз. беларускіх і расійскіх перыядычных выданняў.
У аддзеле захоўваецца 540 назваў навукова-папулярных, грамадска-палітычных, літаратурна-мастацкіх часопісаў, 162 назвы газет. З 2008 года выдзелены фонд для інвалідаў па зроку.
Супрацоўнікі аддзела праводзяць вялікую работу па прапагандзе перыёдыкі. Тут арганізуюцца экспрэс-выставы, рэкламныя, тэматычныя, разгорнутыя прагляды новых часопісаў, праводзяцца тыдні інфармацыі.


Чытачы аддзела маюць магчымасць:

  • выбраць часопісы і газеты на свой густ,
  • падабраць перыядычныя выданні па любой галіне ведаў,
  • акунуцца ў свет літаратурна-мастацкай перыёдыкі.

Аддзел выданняў на замежных мовах

АДДЗЕЛ ВЫДАННЯЎ НА ЗАМЕЖНЫХ МОВАХ – адзіны спецыялізаваны аддзел у Гродзенскай вобласці (заснаваны ў 1966 годзе). Фонд аддзела налічвае звыш 25 тысяч адзінак захоўвання. Сярод іх – спецыялізаваная літаратура па медыцыне, эканоміцы, тэхніцы, краіназнаўстве, мастацкая літаратура, матэрыялы для падрыхтоўкі да здачы экзаменаў і тэстаў, больш за 50 назваў перыядычных выданняў, звыш 1 тыс. экз. аўдыявізуальных і электронных дакументаў. Кніжны фонд – на 50 мовах свету.

  • Аддзел актыўна супрацоўнічае з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне, Пасольствам Францыі ў Мінску, Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, Інфармацыйным цэнтрам Пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
  • Тут створаны камфортныя ўмовы для iндывідуальнага i групавога прагляду дакументаў на электронных носьбітах, праслухоўвання CD i аўдыякасет, пошуку інфармацыі ў сетцы Internet, доступу да сусветных інфармацыйных рэсурсаў (базы дадзеных “Ebsсo”, “eLibrary”). У спецыяльна абсталяванай камп’ютарнай i праектнай тэхнікай зале праводзяцца канферэнцыі, семінары, адкрытыя лекцыі i ўрокі.

Дзіцячы філіял

Здзівіць кнігай, выклікаць жаданне ў дзяцей і падлеткаў хутчэй яе пачытаць, замацаваць у іх свядомасці станоўчы вобраз кнігі і выклікаць прыемныя эмоцыі ад чытання, пазнаёміцца з навінкамі літаратуры – такія функцыі выконвае дзіцячы філіял ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”. Сваім чытачам супрацоўнікі філіяла прапануюць звыш 120 тыс. экзэмпляраў дакументаў на розных носьбітах: кнігі, перыядычныя выданні, электронныя дакументы і інш.
Дзіцячы філіял ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” быў створаны ў 1988 годзе пасля аб’яднання абласной дзіцячай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна з Гродзенскай абласной бібліятэкай.
Свае паслугі прапануюць чытальная зала і абанемент. Пры філіяле створаны гульнявы пакой для дзяцей, у якім можна весела адзначыць дзень нараджэння і цікава правесці вольны час.
Філіял адкрыты не толькі для дзяцей: ён аказвае метадычную дапамогу кіраўнікам дзіцячага чытання – бацькам, педагогам, кіраўнікам дзіцячых клубаў, гурткоў і секцый, супрацоўнікам школьных бібліятэк горада.
Для сваіх чытачоў работнікі філіяла праводзяць звыш 200 мерапрыемстваў рознай тэматыкі: гульнявыя праграмы, конкурсы, тэатралізаваныя прадстаўленні. Пры бібліятэцы дзейнічаюць клубы па інтарэсах: “Ровесник” (для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту) і “Почитайка-ка” (для малодшых школьнікаў).


Юнацкі філіял

ЮНАЦКІ ФІЛІЯЛ размяшчаецца ў доме, дзе ў 1894-1910 гг. жыла сусветна вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка.
Гісторыя філіяла пачалася ў 1958 г. з адкрыцця пры абласной бібліятэцы чытальнай залы імя Э.Ажэшкі. У красавіку 1965 года адчыніў свае дзверы юнацкі філіял. З 1965 да 2000 года ў гэтым жа будынку знаходзілася Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Па рашэнні Гродзенскага аблвыканкама 18 чэрвеня 2001 года, да 160-годдзя з дня нараджэння Э.Ажэшкі, у “шэрым доміку” адкрыты мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніцы. Штогод для гарадзенцаў і гасцей горада праводзіцца звыш 3000 экскурсій на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах.
Творчых людзей збірае літаратурна-музычны салон “У пані Элізы”, пасяджэнні якога прысвячаюцца жыццю і творчасці пісьменніцы, а таксама знакамітым ураджэнцам Гродзеншчыны.
На тэрыторыі Швейцарскай даліны, побач з Домікам, кожны год калектыў абласной бібліятэкі праводзіць літаратурныя святы, прымеркаваныя да дня нараджэння пісьменніцы і Дня абароны дзяцей.
Намаганнямі супрацоўнікаў бібліятэкі адноўлены традыцыі пісьменніцы – з 2005 года ладзяцца дабрачынныя навагоднія елкі для дзяцей-сірот.
Пасля капітальнага рамонту будынка бібліятэкі (2009 год) тут адкрыўся інфармацыйна-адукацыйны цэнтр бібліятэкі для моладзі і падлеткаў. Былі створаны камфортныя ўмовы для павышэння іх адукацыйнага ўзроўню, развіцця інтэлекту, талентаў і творчых здольнасцяў.
У спецыяльна абсталяваных залах праходзяць семінары, адкрытыя лекцыі, урокі, прагляды фільмаў. Тут праводзяцца заняткі па навучанні камп’ютарнай графіцы.
Супрацоўнікі юнацкага філіяла сумесна з рознымі арганізацыямі абласнога цэнтра вядуць актыўную работу з падлеткамі па духоўным выхаванні і фарміраванні здаровага ладу жыцця.
Для больш актыўнага прыцягнення дзяцей і моладзі да чытання ў летні перыяд каля філіяла ладзяцца мерапрыемствы ў межах літаратурна-гульнёвага праекта “Бібліятэка пад адкрытым небам”.


Сектар рэгістрацыі чытачоў

Запісацца ў бібліятэку і атрымаць білет чытача можна ў СЕКТАРЫ РЭГІСТРАЦЫІ ЧЫТАЧОЎ (створаны ў 2006 г.). Штодзённа супрацоўнікі сектара ажыццяўляюць у аўтаматызаваным рэжыме рэгістрацыю карыстальнікаў, знаёмяць іх з Правіламі карыстання і структурай бібліятэкі, арганізуюць і праводзяць экскурсіі па бібліятэцы. Акрамя таго, тут наведвальнікам аказваюцца дадатковыя паслугі: каляровае і чорна-белае ксеракапіраванне дакументаў, брашураванне, ламініраванне і тэрмапараплёт, набор тэксту на беларускай і рускай мовах, а таксама – прыгожае афармленне розных матэрыялаў (афішы, плакаты, паштоўкі, візіткі і інш.).


Аддзел арганізацыі адзінага фонду

АДДЗЕЛ АРГАНІЗАЦЫІ АДЗІНАГА ФОНДУ адносіцца да так званых унутраных аддзелаў бібліятэкі, пра існаванне якіх многія чытачы нават не здагадваюцца. А менавіта адсюль пачынаецца шлях кнігі, часопіса ці газеты да карыстальніка.
Аддзел вядзе вялікую і адказную работу па фарміраванні фонду бібліятэкі, сочыць за выхадам у свет навінак і іх набыццём, адказвае за своечасовую апрацоўку і ўлік новых паступленняў у аўтаматызаваным рэжыме, арганізацыю і вядзенне каталогаў бібліятэкі, дакументаабмен паміж бібліятэкамі Беларусі.


Аддзел аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

Пытаннямі па аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, укараненнем новых інфармацыйных тэхналогій займаецца АДДЗЕЛ АЎТАМАТЫЗАЦЫІ БІБЛІЯТЭЧНЫХ ПРАЦЭСАЎ (створаны ў 2001 годзе). На сённяшні дзень бібліятэка працуе ў аўтаматызаваным рэжыме, аўтаматызаваны ўвесь шлях кнігі да чытача.
Супрацоўнікі аддзела займаюцца наладжваннем суправаджэння праграмных комплексаў у структурных падраздзяленнях і Web-сайта бібліятэкі, аказваюць дапамогу ў стварэнні баз дадзеных і інфармацыйных прадуктаў, адказваюць за ўкараненне новых сучасных тэхналогій.


Аддзел бібліятэказнаўства

Прадстаўнік метадычнай службы – гэта бібліятэкар-прафесіянал вышэйшай пробы: інтэлектуал, аналітык, менеджар, псіхолаг, журналіст-рэдактар у адной асобе.
У ліпені 1945 года выйшаў загад аб стварэнні бібліятэчнага метадычнага кабінета. На працягу 1959-1992 гг. неаднаразова змяняецца яго назва: метадычны аддзел, навукова-метадычны аддзел, аддзел бібліятэказнаўства. Пры гэтым асноўныя накірункі дзейнасці, функцыі і задачы застаюцца нязменнымі: комплекснае азнаямленне з дзейнасцю бібліятэк, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне перадавога вопыту, аказанне метадычнай і практычнай дапамогі, выдавецкая дзейнасць.
АДДЗЕЛ БІБЛІЯТЭКАЗНАЎСТВА з’яўляецца памочнікам, дарадчыкам і аднадумцам для супрацоўнікаў абласной бібліятэкі і 339 публічных бібліятэк Гродзенскай вобласці.
Пры непасрэдным удзеле работнікаў аддзела арганізуюцца і праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, абласныя семінары, школы дырэктараў, бібліятэчныя конкурсы і акцыі.


Бухгалтэрыя, Гаспадарчы аддзел, Інспектар па кадрах


Фінансава-эканамічнай дзейнасцю, улікам выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў, увядзеннем у практыку работы бібліятэкі новых відаў платных паслуг займаецца БУХГАЛТЭРЫЯ.


Добраўпарадкаванне тэрыторыі, бягучы рамонт, навядзенне чысціні і парадку, забеспячэнне ўтульнасці ў памяшканнях бібліятэкі знаходзяцца ў полі зроку ГАСПАДАРЧАГА АДДЗЕЛА. Работа штодзённая, непрыкметная, аднак без яе не могуць абысціся ні чытачы, ні бібліятэкары.




Падбор кадраў, забеспячэнне ўдзелу супрацоўнікаў у працэсе павышэння кваліфікацыі, арганізацыю ведамаснага архіву, вядзенне дакументацыі па асабістым складзе калектыву бібліятэкі ажыццяўляе ІНСПЕКТАР ПА КАДРАХ.