Сённяшні дзень бібліятэкі


Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” сёння – буйнейшы інфармацыйны, адукацыйна-культурны цэнтр Прынёманскага краю, захавальніца важнай і актуальнай інфармацыі, сацыяльны партнёр грамадства, месца правядзення вольнага часу і сацыяльнай рэалізацыі асобы.
Сярод карыстальнікаў бібліятэкі – навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, спецыялісты народнай гаспадаркі, моладзь, дзеці і інш. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца ў 10 аддзелах бібліятэкі, якія размешчаны ў 4-х будынках горада: вул.Замкавая, 20; вул.Савецкая, 8; вул.Савецкая, 25; вул.Ажэшкі, 17.

Значна пашырае магчымасці абласной бібліятэкі выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій. Камп’ютарны парк установы налічвае 131 машыну, 50 прынтараў (у т.л. – плотар, які прызначаны для раздрукоўкі вялікафарматных матэрыялаў), праектная тэхніка. Да паслуг карыстальнікаў – 37 аўтаматызаваных рабочых месцаў з выхадам у Інтэрнэт; у кожным структурным падраздзяленні – капіравальныя (10, з іх 2 – каляровыя) і шматфункцыянальныя апараты (11). У аўтаматызаваным рэжыме ажыццяўляюцца ўсе бібліятэчныя працэсы. Праводзіцца алічбоўка музымузычных запісаў.


Важкі ўклад у прававое выхаванне насельніцтва ўносіць публічны цэнтр прававой інфармацыі. Плённа працуе Грамадская прыёмная, дзе бясплатна аказваюць дапамогу чытачам юрысты-практыкі юрыдычных службаў горада.

ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” супрацоўнічае з публічнымі бібліятэкамі Паўночна-Заходняй адміністрацыйнай акругі г.Масквы Расійскай Федэрацыі, а таксама з Падляскай ваяводскай бібліятэкай імя Л.Гурніцкага (г.Беласток) і публічнай бібліятэкай імя М.Канапніцкай у Сувалках Рэспубліка Польшча. Падтрымліваюцца цесныя сувязі з Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў Гродне, Генеральным консульствам ЗША у Рэспубліцы Беларусь, франка-беларускай залай інфармацыі аб сучаснай Францыі пры Пасольстве Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, Інстытутам імя Гётэ ў Мінску.

Сваю дзейнасць калектыў бібліятэкі каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі і творчымі саюзамі. За год праводзіцца звыш 500 мерапрыемстваў, сярод якіх – навуковыя канферэнцыі, выставы фотадакументаў і прадметаў матэрыяльнай культуры з прыватных калекцый гарадзенцаў, інфармацыйныя тыдні, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы са слыннымі землякамі, віктарыны і творчыя конкурсы. Для дзяцей-сірот арганізуюцца навагоднія святы каля елкі, дабрачынныя акцыі.


Праводзяцца выязныя дні інфармацыі (з паказам кінафільмаў, выступленнем крязнаўцаў) для працоўных калектываў 12 буйнейшых прадпрыемстваў горада, сярод якіх – ААТ “Радыёхваля”, ААТ “Малочны свет”, ААТ “Гранітэкс”, ААТ “Гродзенскі мясакамбінат”, ААТ “БелТАПАЗ”, РУП “Гроднахлебпрам”, СП ТАА “Дынама-Програм” і інш.

Пры бібліятэцы плённа працуюць 4 літаратурныя аб’яднанні. Звыш 30 гадоў “Литературные четверги” збіраюць аматараў прыгожага слова. Салон “У пані Элізы” арганізуе цікавыя сустрэчы для прыхільнікаў творчасці “каралевы слова” Элізы Ажэшкі. Самых малодшых чытачоў бібліятэкі аб’ядноўваюць клубы “Почитай-ка” і “Равеснік”.

Вялікая ўвага надаецца духоўна-маральнаму выхаванню моладзі на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў. Распрацоўваюцца дабрачынныя праграмы, асноўная мэта якіх – аказанне падтрымкі сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва і выхаванне высокіх маральных якасцяў у моладзі і падлеткаў. Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя супраць п’янства і алкагалізму, наркаманіі, брыдкаслоўя.

Штогод звыш 3000 жыхароў Беларусі і замежных краін наведваюць мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Э.Ажэшкі.


ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” забяспечвае метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю 336 публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры: аказвае метадычную і практычную дапамогу, абагульняе і ўкараняе перадавы вопыт работы бібліятэк, арганізуе і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў.

Адным з галоўных накірункаў работы бібліятэкі як навукова-метадычнага цэнтра для бібліятэк вобласці з’яўляецца выдавецкая дзейнасць.

Штогод супрацоўнікі абласной бібліятэкі рыхтуюць каля 20 творчых прац. Традыцыйнымі з’яўляюцца: “Бібліятэкі Гродзеншчыны: аналіз дзейнасці за год”, “Краязнаўчы каляндар”, інфармацыйны зборнік “У дапамогу метадысту”, штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь “З жыцця бібліятэк вобласці”.

Найбольш поўнаму задавальненню інфармацыйных запытаў карыстальнікаў спрыяе выданне навукова-дапаможных і рэкамендацыйных бібліяграфічных паказальнікаў: “Новая літаратура аб Гродзенскай вобласці” (выходзіць з 1971 г.) – адлюстроўвае дакументы па ўсіх галінах жыццядзейнасці Гродзеншчыны як у далёкім мінулым, так і на сучасным этапе – і інш.

Спецыялістаў абласной бібліятэкі заўсёды характарызуе высокі прафесіяналізм, шчырая зацікаўленасць у дасягненні высокіх паказчыкаў. Сёння ў штаце – 124 чалавекі, 80 з іх маюць бібліятэчную адукацыю.