Важнейшыя падзеі ў жыцці бібліятэкі


1830 – Гродзенскі генерал-губернатар М.Т.Бабяцінскі на нарадзе высокапастаўленых асобаў прыняў рашэнне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі ў Гродне. Аснову яе фонду склалі добраахвотныя ахвяраванні дваран горада – кнігі і афіцыйныя перыядычныя выданні. Доступ да бібліятэчных дакументаў быў адкрыты толькі невялікай катэгорыі асобаў з вышэйшых слаёў насельніцтва: чыноўнікаў, дваран, памешчыкаў.


1859 – Доўгі час бібліятэка знаходзілася ў бедным стане: не мела свайго памяшкання, фонд папаўняўся вельмі слаба, грашовых сродкаў ад дзяржавы не паступала. Каб падтрымаць установу, грамадзянскі губернатар І.А.Шпеер прапанаваў служачым горада ахвяраваць на яе ўтрыманне 1% са свайго месячнага заробку. На сабраныя грошы былі выпісаны перыядычныя выданні і куплены некалькі дзясяткаў кніг.


1865 – Міністэрствам унутраных спраў зацверджаны Статут бібліятэкі.


1877 – Бібліятэка пачала атрымліваць урадавую субсідыю ў памеры 800 рублёў у год.


1886 – Пры Гродзенскай публічнай бібліятэцы адкрываецца кабінет для чытання.


1889 – Бібліятэку ўзначальвала Праўленне, у склад якога ўваходзілі 4 чалавекі: П.І.Волкаў, настаўнік Гродзенскай мужчынскай гімназіі, Я.Ф.Арлоўскі, вядомы даследчык гісторыі Гродна, М.Л.Кнаразоўскі і прадстаўнік ад урада А.Д.Смародскі.


1892 – Дырэктарам бібліятэкі абраны Адам Ягоравіч Багдановіч – беларускі этнограф, гісторык культуры, фалькларыст, мовазнавец, бацька славутага беларускага паэта М.Багдановіча. Ён нямала зрабіў для развіцця публічнай бібліятэкі, павышэння яе ролі ў культурным жыцці гродзенцаў. Пад яго кіраўніцтвам быў складзены каталог бібліятэкі і выдадзены асобнай брашурай пад назвай “Каталог русским и иностранным книгам Гродненской городской публичной библиотеки по отделам”.


1920 – З устанаўленнем савецкай улады да Гродзенскай публічнай бібліятэкі далучыліся бібліятэкі мужчынскай гімназіі, яўрэйскага таварыства “Купет”, прыватныя бібліятэкі знакамітых людзей. Загадчыкам была празначана Соф’я Абрамаўна Эпштэйн.


1930 – У сувязі з ростам колькасці чытачоў створаны філіял у Занёманскай частцы горада, які праіснаваў да 1937 года.


1936 – Пачалі працу самаадукацыйна-бібліятэчныя курсы, на якіх навучаліся бібліятэкары з гмінных бібліятэк Лунна, Азёр, В.Эйсмантаў, Верцялішак, Гожы, Галынкі і інш.


1940 – 1 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё публічнай бібліятэкі для шырокіх працоўных мас. Кнігі пачалі выдавацца бясплатна. Штодзённа бібліятэку наведвалі 450 чытачоў.


1941-1944 – У перыяд Вялікай Айчыннай вайны памяшканне бібліятэкі занялі немцы, большасць фонду была вывезена ці знішчана фашысцкімі захопнікамі, частку кніг захавалі работнікі. На дзясяты дзень пасля вызвалення горада бібліятэка аднавіла сваю дзейнасць.


1945-1950 – У калгасах і саўгасах арганізоўваліся бібліятэкі-перасоўкі, наладжвалася метадычная дапамога бібліятэкам Гродзеншчыны.


1957 – Згодна з пастановай № 55 выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных і бюро абкама КПБ абласной бібліятэцы прысвоена імя Яўхіма Фёдаравіча Карскага, першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі.


1965 – Адкрыты юнацкі філіял у доме сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі.


1980 – Гродзенская абласная бібліятэка імя Я.Ф.Карскага ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.


1984 – Супрацоўнікі чытальнай залы арганізавалі літаратурна-музычную гасцёўню “Литературные четверги”, удзельнікамі якой сталі актыўныя чытачы бібліятэкі – людзі розных узростаў і прафесій.


1988 – Абласная бібліятэка імя Я.Ф.Карскага аб’ядноўваецца з абласной дзіцячай бібліятэкай імя А.С.Пушкіна.


1990 – Згодна з рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта бібліятэцы выдзелена частка Новага замка (былая каралеўская рэзідэнцыя, у савецкі час – будынак абкама КПБ). Тут размясціліся: адміністрацыя бібліятэкі, аддзелы: абанемента, інфармацыйна-бібліяграфічнай работы, краязнаўства, бібліятэказнаўства, апрацоўкі і камплектавання, сектар перыядычных выданняў.


1993 – Пачата работа па аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, створана група аўтаматызацыі з 3-х чалавек. У першую чаргу быў аўтаматызаваны працэс камплектавання і апрацоўкі новых паступленняў.


1995 – Зацверджаны новы Статут бібліятэкі як абласной навуковай.


1997 – Калектыў бібліятэкі ўзначаліла Л.В.Мальцава.


2000 – Работнікі бібліятэкі атрымалі Грант з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва па праекце “Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага


2001 – У абласной бібліятэцы створаны аддзел аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў, пры аддзеле інфармацыйна-бібліяграфічнай работы – публічны цэнтр прававой інфармацыі.


2001 – У межах святкавання 160-годдзя з дня нараджэння Э.Ажэшкі ў юнацкім філіяле бібліятэкі адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага пакоя, прысвечанага жыццю і творчасці пісьменніцы. За 10 гадоў яго наведалі амаль 50 тыс. чалавек, сярод якіх – госці з Польшчы, Расіі, Літвы, ЗША, Францыі, Чэхіі і г.д. Супрацоўнікі бібліятэкі праводзяць экскурсіі на беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай і французскай мовах.


2001 – 2002 – Перавезены бібліятэчны фонд і абсталяванне дзіцячага філіяла і аддзела мастацтва ў новы, адрамантаваны, будынак па адрасе: вул.Савецкая, 25.


2003 – Пры публічным цэнтры прававой інфармацыі пачала працаваць Грамадская прыёмная, дзе малазабяспечаныя грамадзяне могуць атрымаць бясплатную кваліфікаваную юрыдычную кансультацыю.


2003 – Універсальная чытальная зала бібліятэкі размясцілася па адрасе: вул.Савецкая, 8.


2003-2015 – Работа па дабрачынных прагармах (“У справы добрыя ўкладзі ўсё лепшае сваёй душы” (2003-2004 гг.), марафон маральнасці, дабра і здароўя “Жыццё вартае таго, каб жыць” (2005-2007 гг.), “З надзеяй – у будучыню” (2008-2010 гг), “Разам думаць пра будучыню” (2011-2015 гг.).


2004 – Падпісаны праект аб супрацоўніцтве з публічнымі бібліятэкамі Рэспублікі Польшча (г.Беласток і г.Сувалкі) “Пошук агульных культурных каранёў Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча”. У чэрвені 2005 года ў рамках праекта ў Віграх (Польшча) праведзена міжнародная навуковая канферэнцыя, падрыхтаваная сумесна ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” і публічнай бібліятэкай імя М.Канапніцкай у г.Сувалкі.


2005 – Адноўлена традыцыя Э.Ажэшкі – правядзенне дабрачынных елак для дзяцей-сірот.


2006 – Створаны сектар рэгістрацыі чытачоў.


2006 – Праводзяцца Гарадзенскія чытанні – навукова-практычныя каферэнцыі, прысвечаныя важным падзеям і знакамітым асобам у гісторыі Гродна.


2007 – На базе абласной бібліятэкі Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі РБ і Міністэрствам культуры праведзены рэспубліканскі семінар “Дзейнасць публічных цэнтраў прававой інфармацыі”.


2008 – Бібліятэка стала паўнапраўным членам рэспубліканскага бібліятэчнага кансорцыума па аналітычным роспісе перыядычных выданняў “LIBKARD”.


2008 – Чытачы абласной бібліятэкі атрымалі магчымасць карыстацца віртуальнай чытальнай залай НББ, якая забяспечвае карыстальнікам доступ да сусветных інфармацыйных рэсурсаў.


2008 – Калектыў ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне і арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва.


2009 – Дырэктар бібліятэкі Л.В.Мальцава атрымала з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі дыплом аб прысуджэнні спецыльнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Бібліятэчная справа”.


2008-2009 – Праведзены капітальны рамонт і мадэрнізацыя будынка бібліятэкі па адрасе: вул.Ажэшкі, 17; створаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр, дзе размешчаны юнацкі філіял, аддзел выданняў на замежных мовах і мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Элізы Ажэшкі.


2010 – Адбыліся святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 180-годдзя з дня заснавання ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”, у т.л. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Публічная бібліятэка ў кантэксце сацыякультурнай прасторы рэгіёна: два стагоддзі гісторыі”.


2010 – Да юбілею бібліятэкі супрацоўнікамі падрыхтавана і выдадзена навукова-папулярнае выданне “Галоўная кніжніца Прынямоння: да 180-годдзя з дня заснавання ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага”.


2010 – Па выніках работы за 2010 год ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” – пераможца абласнога конкурсу “Установа культуры года”..


2011 – Перамога ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За пошукавую і даследчую дзейнасць”.


2011 – Калектыў бібліятэкі ўзнагароджаны Дыпломам І ступені абласнога конкурсу на лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы ў арганізацыях Гродзенскай вобласці.


2011 – Праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асветніца. Грамадскі дзеяч. Жанчына”, да 170-годдзя з дня нараджэння Э.Ажэшкі. Выдадзены буклет “Домік Элізы Ажэшкі” на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах.


2011 – Па выніках работы за 2011 год ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” – пераможца абласнога конкурсу “Установа культуры года”.


2012 – У межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна (2007-2013 гг.) атрыманы грант на суму 595 тыс.еўра для адкрыцця на базе дзіцячага філіяла інтэрактыўнага цэнтра навукі і тэхналогій “Мульціцэнтр”.


2012 – Арганізавана і праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Нацыянальны гонар Беларусі”, да 130-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я.Купалы і Я.Коласа.


2012 – Упершыню арганізаваны тэматычны вечар-канцэрт з удзелам артыстаў Гродзенскага драмтэатра, лаўрэатаў міжнародных, рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў.


2012 – Пачалася рэалізацыя мерапрыемстваў у межах творчага праекта “Дакрануцца да гісторыі”, асноўная мэта якога – распаўсюджванне інфармацыі пра багацейшую гісторыка-культурную спадчыну гарадзенскай зямлі.


2013 – Арганізавана гарадское свята “Эліза Ажэшка запрашае”, прымеркаванае да дня нараджэння пісьменніцы і Дня абароны дзяцей.


2013 – Праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь – Літва – Польшча: дыялог народаў і культур” (прынялі ўдзел прадстаўнікі 5 краін свету).


2013 – Па выніках работы за 2013 год дырэктар бібліятэкі Л.В.Мальцава – лаўрэат конкурсу “Лепшы кіраўнік года” ў намінацыі “Лепшы кіраўнік установы культуры”.


2014 – У межах творчага праекта “Эліза Ажэшка ў памяці нашчадкаў” праведзена тэатралізаванае прадстаўленне “Гістарычная вандроўка па вуліцы Ажэшкі”.


2014 – Па выніках работы за 2014 год ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” – пераможца абласнога конкурсу “Установа культуры года”.