З гісторыі бібліятэкі
Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” – першая публічная бібліятэка на Беларусі.
Матэрыялы архіваў сведчаць, што рашэнне аб яе адкрыцці было прынята ў верасні 1830 года на нарадзе ў гродзенскага губернатара Міхаіла Трафімавіча Бабяцінскага. Першым бібліятэкарам быў прызначаны Міхаіл Зялёнка, прэфект Гродзенскай гімназіі.
У аснову бібліятэкі ляглі дабравольныя ахвяраванні дваран горада, якія былі зацікаўлены ў дзейнасці бібліятэкі для сваіх патрэб і імкнуліся падтрымаць яе. Першапачаткова бібліятэчнай кнігай карысталася ўсяго 40 чытачоў, з іх “правасхадзіцельстваў” – 2, “высокаблагародных” – 17, “благародных” – 21.
Каб падтрымаць бібліятэку, якая знаходзілася ў цяжкім стане, у 1859 годзе грамадзянскі губернатар Іван Абрамавіч Шпеер прапанаваў усім служачым Гродна ахвяраваць 1% ад месячнага заробку на яе развіццё. На сабраную такім чынам суму, якая склала 612 рублёў, былі выпісаны перыядычныя выданні і набыты некалькі дзесяткаў кніг. Асобы, якія ўдзельнічалі ў ахвяраванні, мелі права карыстацца літаратурай бясплатна, а астатнія маглі стаць чытачамі толькі за грашовую плату.
У 1865 годзе зацверджаны Статут Гродзенскай публічнай бібліятэкі. Кіраўніцтва бібліятэкай ажыццяўляла Праўленне, членамі якога абавязкова былі дырэктар Гродзенскай мужчынскай гімназіі, рэктар мясцовай духоўнай семінарыі і г.д., асобы жаночага полу і нізкія чыны не дапускаліся. Актыўным членам Праўлення ў свой час быў вядомы гісторык, краязнавец, выкладчык Гродзенскай гімназіі Я.Ф.Арлоўскі. Над “Каталогам бібліятэкі” працаваў Адам Багдановіч, бацька вядомага беларускага паэта Максіма Багдановіча, беларускі фалькларыст, этнограф, мовазнавец. У 1892 г. ён стаў гадавым членам бібліятэкі, увайшоў у Праўленне і ў хуткім часе быў абраны яго дырэктарам. З 1877 года бібліятэка пачала атрымліваць штогадовую ўрадавую субсідыю ў памеры 800 рублёў. Паступалі грошы і за карыстанне фондам, але ўвесь даход яе складаў не больш за 1250 рублёў. У 1886 годзе пры Гродзенскай публічнай бібліятэцы адкрыўся кабінет для чытання. У 1909 годзе надрукаваны “Каталог Гродзенскай публічнай бібліятэкі”, складзены выкладчыкам гімназіі І.Г.Астравумавым.
У 1909 годзе надрукаваны “Каталог Гродзенскай публічнай бібліятэкі”, складзены выкладчыкам гімназіі І.Г.Астравумавым. Пасля ўстанаўлення Савецкай улады на Гродзеншчыне публічная бібліятэка аб’яднала фонды многіх ліквідаваных устаноў. Гэта былі каштоўныя кнігі і рукапісы. У 1936-1937 гадах публічная бібліятэка актыўна дзейнічала і як павятовая цэнтральная. Сістэматычна працавалі самаадукацыйна-бібліятэчныя курсы, на якіх навучаліся бібліятэкары з гмінных бібліятэк Лунна, Азёр, Верцялішак, Гожы, Галынкі і інш. Плата за навучанне – 5 злотых. Былі спробы арганізаваць курсы “правильного и хорошего чтения” з тэрмінам навучання – 3 месяцы. 1 мая 1940 года адбылося ўрачыстае адкрыццё бібліятэкі для шырокіх працоўных мас. Кнігі пачалі выдаваць чытачам бясплатна. Дакументны фонд павялічыўся да 35,0 тыс.экз., а колькасць чытачоў дасягнула 4-х тысяч. Кожны дзень бібліятэку наведвалі 400-450 чытачоў, чытальную залу – 150-170.
Трагічнымі для бібліятэкі сталі гады Вялікай Айчыннай вайны. На працягу 1941-1944 гг. было страчана большасць дакументаў. Толькі невялікую колькасць фонду ўдалося захаваць супрацоўніку бібліятэкі М.А.Чарвякоўскаму. На дзесяты дзень пасля вызвалення горада бібліятэка пачала працаваць. Выданні паступалі з розных куткоў Савецкага Саюза. У маі 1949 года адкрываецца дзіцячы аддзел, складаецца сістэматычны каталог на ўвесь фонд, пачынае працаваць міжбібліятэчны абанемент, наладжваецца метадычная дапамога бібліятэкам Гродзеншчыны.
15 лютага 1957 года Гродзенскай абласной бібліятэцы прысвоена імя Яўхіма Фёдаравіча Карскага, першага беларускага акадэміка, заснавальніка беларускага мовазнаўства і філалогіі, ураджэнца вёскі Лаша Гродзенскага раёна. У красавіку 1965 года быў адкрыты юнацкі філіял бібліятэкі ў доме-музеі славутай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, у 1966 годзе створаны аддзел замежнай літаратуры.
Калектыў бібліятэкі прымаў актыўны ўдзел у сацыяльна-культурным жыцці горада і вобласці. Ладзіліся чытацкія канферэнцыі і літаратурныя вечарыны, прагляды літаратуры на прадпрыемствах і будоўлях. У верасні 1980 года, у сувязі з 150-годдзем, Гродзенская абласная бібліятэка ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароды атрымалі і лепшыя супрацоўнікі бібліятэкі. 20 верасня 1995 года зацверджаны новы Статут бібліятэкі як абласной навуковай.
З 1997 года бібліятэку ўзначальвае Мальцава Лідзія Васільеўна, энергічны, здольны, творчы, патрабавальны кіраўнік. Шмат сіл і намаганняў прыкладае Лідзія Васільеўна для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы бібліятэкі, укараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій, інавацыйных формаў і метадаў работы.
Сёння дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” з’яўляецца буйнейшым кнігасховішчам, вядучым інфармацыйным, адукацыйным і сацыяльна-культурным цэнтрам, лідарам бібліятэчнай палітыкі ў вобласці. Штогод да паслуг бібліятэкі звяртаецца каля 44 тыс. чытачоў: навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, спецыялісты народнай гаспадаркі, моладзь, дзеці і інш. Ім выдаецца звыш 880 тыс. адзінак дакументаў. Штодзённа колькасць наведванняў складае звыш 900 разоў. Абслугоўванне карыстальнікаў ажыццяўляецца ў 10 аддзелах бібліятэкі, размешчаных у 4-х будынках.
Багаты ўніверсальны фонд налічвае 620 тыс. экз. дакументаў на традыцыйных і электронных носьбітах і задавальняе самыя разнастайныя запыты ўсіх катэгорый карыстальнікаў. Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі фарміруюцца ў адпаведнасці з сацыяльна-эканамічным профілем развіцця рэгіёну і запытамі насельніцтва. Мастацкая і галіновая сусветная літаратура – на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай, літоўскай мовах, даведкавыя выданні – на 50 мовах свету. Кап’ютарны парк абласной бібліятэкі налічвае 131 машыну. Ва ўсіх аддзелах абслугоўванне чытачоў вядзецца ў аўтаматызаваным рэжыме. Да паслуг карыстальнікаў – 37 аўтаматызаваных рабочых месцаў, якія маюць выхад у Інтэрнэт. Аўтаматызаваны ўсе асноўныя бібліятэчныя працэсы. Праводзіцца алічбоўка музычных запісаў. З 2008 года абласная бібліятэка забяспечвае жыхарам Гродзеншчыны доступ да інфармацыйных рэсурсаў сусветных вытворцаў з дапамогай віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Электронны каталог ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” адлюстроўвае амаль 100% усяго фонду. Ствараюцца бібліяграфічныя базы дадзеных: “Краязнаўства”, “Артыкулы”, “Дзіцячая літаратура”, “Артыкулы па мастацтве”, “Ноты” і інш., паўнатэкстава-фактаграфічная – “Памяць Гродзеншчыны”. З 2008 года бібліятэка стала паўнапраўным членам рэспубліканскага бібліятэчнага кансорцыума па аналітычным роспісе перыядычных выданняў LIBKАРД.
Паспяхова дзейнічаюць 3 мультымедыйныя цэнтры. У 2009 годзе створаны інфармацыйна-адукацыйны цэнтр – комплекс, які ўключае традыцыйныя бібліятэчныя паслугі, аўтаматызаваныя рабочыя месцы з выхадам у Інтэрнэт, спецыялізаваныя рабочыя месцы для карыстальнікаў з аслабленым зрокам, гурток па вывучэнні замежных моў, мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Шырокі доступ карыстальнікаў да прававой інфармацыі забяспечвае Публічны цэнтр прававой інфармацыі. Плённа працуе Грамадская прыёмная, дзе бясплатную юрыдычную кансультацыю чытачам аказваюць юрысты-практыкі юрыдычных службаў горада.
Сваю дзейнасць калектыў бібліятэкі каардынуе з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, установамі і творчымі саюзамі. За год праводзіцца звыш 240 мерапрыемстваў, сярод іх – краязнаўчыя чытанні, выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў і ўмельцаў Гродзеншчыны, інфармацыйныя тыдні, дні інфармацыі, літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг і творчыя сустрэчы з удзелам паэтаў і пісьменнікаў Гродзеншчыны. Вялікая ўвага надаецца духоўна-маральнаму выхаванню моладзі на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў. На працягу апошніх 9 гадоў распрацоўваюцца дабрачынныя праграмы, асноўная мэта якіх – аказанне падтрымкі сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва і выхаванне высокіх маральных якасцяў у моладзі і падлеткаў. Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя супраць п’янства і алкагалізму, наркаманіі, курэння, брыдкаслоўя, а таксама дабрачынныя акцыі для дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў. ДУК “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне дзейнасці 336 публічных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры, а таксама бібліятэк іншых сістэм і ведамстваў: аказвае метадычную і практычную дапамогу, абагульняе і ўкараняе перадавы вопыт работы бібліятэк, арганізуе і праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне кваліфікацыі бібліятэчных работнікаў. Абласная бібліятэка – ініцыятар правядзення абласных акцый: “Усё лепшае – дзецям”, “Новае пакаленне выбірае здароўе”, “У нашых сэрцах памяць…” і інш.